You are viewing [info]mikalaj_achyzha's journal

чорна-белы здымак
Маскоўскі паліттэхнолаг Андрэй Панамароў выступіў у Чарнігаве з цікавым аналізам ідэі байкоту выбараў, якую прапагандуюць Фядыніч і Івашкевіч, шкоднай. Кампанія байкоту несумненна будзе правалена і не нанясе ані грама шкоды рэжыму. па-першае, арганізатары і самі цьмяна ўяўляюць, а па якому сцэнару трэба наладжваць процістаянне ўладам. Правесці некалькі прэсавых канферэнцый і выпусціць дзесятак пракламацый - гэта ўсяго толькі для справаздачы перад спонсарамі. Байком у беларускім варыянце - гэта фактычна праца на рэжым, на развал партый, на дэмабілізацыю грамадянскай супольнасці.

ДЗЕД, ПЧОЛЫ І МЫТНЯ

чорна-белы здымак
Рэйсавы аўтобус Чарнігаў - Гомель. Ніводнага свабоднага месца. Едуць у асноўным беларусы, спатрэбіліся ўсяго тры міграцыйных карткі для грамадзян Украіны. Хто з пакупкамі (кава, каньяк, сала, мельнічкі для спецый, мяркуючы па словах і па таму, што асобныя пасажыры спрабуюць раздаць лішкі суседзям, каб не чапляліся мытнікі). Едуць некалькі студэнтаў-завочнікаў аж з-пад Калінкавіч (двое мужыкоў сярэдняга ўзросту і дзве маладзіцы), бач ты, чарнігаўская прафесура ім больш мілая) і бясконца расказваюць са смехам і з дурнаватым калгасным мацярком пра тое, як абдурвалі або задабрывалі экзаменатараў.
Цікавыя падзеі пачаліся на украінскай мытні.
- Хто вязе з сабою драўляную скрыню і тачку? – закрычаў на ўвесь салон шафёр, потым паўтарыў. – Выходзь!
З салона выбраўся дзядок (недзе добра пад 80 гадоў).
Пасажыры застаюцца ў салоне аўтобуса. У гэтым сэнсе украінскія памежнікі і мытнікі даюць ладную фору беларускім калегам, яны не выганяюць людзей на вуліцу, не прымушаюць цясніцца ў чэргах, валачы за сабою клункі, валізкі…
Чуем, што дзеда ўжо называюць кантрабандыстам. У чым там кантрабанда пакуль не ведаем. Дзядок ціха, але ўпарта гне сваю лінію, вінаватым сябе не прызнае. Шафёр нашага аўтобуса лямантуе, куды і ветлівасць падзелася:
- Нашто мне гэты гемарой, мне не трэба гемарой на маю задніцу! Дзед вымятайся са сваёй скрыняй к едрэнай мацеры!
Дзед нікуды вымятацца не збіраецца. Збегліся малыя і трошкі большыя начальнікі, чакаюць ветэрынара. Шафёр паведамляе пасажырам, што знойдзена марыхуана. Жартуе недавярак…
Дзеда ціснуць з усіх бакоў. Пачынаюць нервавацца пасажыры, ды выкідвайце гэтага дзеда, што мы з-за яго марыхуаны тырчэць тут будзем суткі! Некалькі чалавек па тэлефонах скардзяцца родным і знаёмым, што з-за нейкага дуркаватага дзеда яны пакутуюць на мяжы. Во якія добрыя і спагадлівыя землякі-беларусы! Як на слабага, дык гатовы перці з каламі…
Выявілася, што дзед у спецыяльнай драўлянай скрынцы вязе пчол, сапраўдны рой. Яго ўжо абвінавацілі у парушэнні дырэктыў, канвенцый, інструкцый і пужаюць са страшнай сілай…І кажуць, што беларускія мытнікі ўваляць так, што жыць не захочацца.
Потым прымаецца саламонава рашэнне (мытны ветэрынар падказаў): на нейтральнай тэрыторыі дзед няхай адчыняе скрынку і выпускае рой у белы свет.
- Во, правільна! – крычыць шафёр.
- Правільна! Правільна! – крычаць цёткі, што рассоўвалі пакункі з кавай па другіх торбах. – Паехалі!
А куды ехаць, пашпарты яшчэ не вернуты. І дзед тут ні пры чым, мы стаім яшчэ не з-за яго.
На нейтральнай тэрыторыі аўтобус спыняецца. Дзед цвёрда кажа, што ён пчол выпускаць не будзе, яны яму дарагія. Ветліва так кажа, спакойна, не хочаце мяне везці, я пайду пешкі, пайду са сваімі пчоламі.
- Ідзі, - згаджаецца шафёр,- мне не патрэбен гемарой. Эстэтыка шафёра і мат будучых калгасных спецыялістаў дадаюць гісторыі драматызму.
- Карацей кажучы, дзед хутчэй, чым мы, перасек мяжу, знайшоў паразуменне у памежнікаў і мытнікаў (не ўсе ж дурні там) і чакаў нас каля апошняга шлагбаума. Нас жа правялі натоўпам праз калідоры і залы з багажом…
- І толькі адна маладая асоба гадоў 25 гучна сказала:
- - Які маладзец гэты дзед! Ён на вайне мусіць закаліўся і не прывык здавацца.
У мяне ў Гомелі хапіла толькі часу падбегчы да старога, паціснуць яму руку і пажадаць добрага здароўя і добрых збораў мёду.
чорна-белы здымак
На шчасце ўключыў праз нейкае "не хачу" познім вечарам тэлевізар у нумары чарнігаўскага гатэлю. І адразу наткнуўся на перадачу Савіка Шусцера пра падзеі ў Радзе Украіны. Неперадавальны вольны дух. Ціхі-ціхі, амаль што непрыкметны Савік. І толькі калі наступіў пік перадачы - фізічная сутычка, не бойка, а штурханне (з мэтай паваліць апанента). Савік становіцца паміж непрымірымымі дэпутатамі і доўга сіліцца развесці людзей Януковіча і Цімашэнкі.
Прадмет жорсткіх дэбатаў - мовы. Каманда Януковіча хоча надаць мацней.шы статус рускай. Супернікі вінавацяць іх: улада не здолела зрабіць нічога карыснага ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, а таму ўзбуджае грамадзян балбатнёй аб заняпадзе рускай мовы.
Не адразу схопіш сутнасць праблемы. Савік вядзе перадачу на рускай мове і кажа, што не адчуваў і не адчувае з-за гэтага аніякай дыскрымінацыі. З яго слоў 100 адсоткаў апытаных (хто і дзе каго апытваў, не зразумела) лічаць, што памкненні кодлы Януковіча прыніжае стан украінскай мовы.
Справа нават не ў моўнай праблеме Украіны (яна ад свайго не адрачэцца, як бы Расія не стымулявала калатннечу) , а ў моцы духу свабоды. увесь вечар - свята цудоўнай тэлежурналістыкі.
У дзікім кантрасце паведамленне з Радзімы: а хтот паднімает праблему языкоў, у нас ужэ фсё даўно рэшано.Усё Рашано - і амаль што знішчана.
туга.

ГЭТА ГОРШ, ЧЫМ ЗАДВОРКІ

чорна-белы здымак
Самы вядомы гаварун сказаў, што Беларусь - гэта вам не задворкі Еўропы.
і яшчэ: той еўрапеец - не еўрапеец, калі ён у Полацку не пабываў.
Праўда, не задворкі! Бо ў нас нават для сумніўнага статуса "задворкі" еўрапейскіх якасцей не хапае. амаль нічога, акрамя геаграфіі.
пра палітыку і свабоды - суцэльныя туркменскія матывы. парламентарызм? адны ўспаміны з 1994 года.
гісторыя знішчана і знявечана, даўмеліся выдаваць падручнікі па беларускай гісторыі на рускай мове.
Прысутнасць тавараў еўрапейскай вытворчасці - паказнік таго, наколькі нашы вытворцы адсталі ад еўраапейскіх. Нашмат горш, чым задворкі.

бойка дэпутатаў у радзе

чорна-белы здымак
У Радзе пабіліся дэпутаты. Не першы раз. Літтвін, старшыня Рады, лямантуе: канец паламентарызму! літвін няхай сабе лямантуе. а дэпутаты - малайцы. Гэта так трэба перажываць за лёс мовы, так любіць яе, што ў адчаі -- ісці ў атаку. Многія грэбліва наморшчаць насы. Фі! біцца з-за мовы?! У Беларусі дэпутаты не б'юцца, яны часцей за ўсё ціха сапуць,іх не ўзрушыць ніводная народная праблема, акрамя ўласнай кішэні.
чорна-белы здымак
Цягнік Мінск – Кіеў. Еду ў Чарнігаў. Месца ў купе, квіток на якое куплены з вялікай цяжкасцю, праз умяшальніцтва невядомага мне чыгуначнага бурбона, хаця і на ніжняй паліцы, дыскамфортнае. Трое спадарожнікаў едуць у розныя месцы: Бабруйск, Жлобін і Гомель. І пагэтаму не збіраюцца спаць. Двое п’юць піва, трэці з кароценькімі перапынкамі мяняе нумары на мабільніку і гаворыць, гаворыць, гаворыць...
Ну і адпачну, падумалася з сумам мне... але я быў узнагароджаны пасля таго, як трое надакучлівых выйшлі. Адно з месцаў заняў дзядзька, пашпарт якога і беларускія, і украінскія памежнікі круцілі падоўгу, нешта разглядалі ў ім пад лупай. Ну, цаца нейкая! Ясна, не палітык, бо ведаў бы. Мо які злачынец? Не, урэшце рэшт, яго пакінулі ў спакоі.
Дзядзька ўлёгся, варочаўся, бурчэў, чаму не працуе кандыцыянер, вагон жа зусім новы, чаму няўдала размешчаны выключальнікі святла. Бурчэў сам сабе. Разгаварыліся мы пад самую раніцу. Я ўстаў, каб глядзець на украінскія краявіды, і дзядзька спытаў, ці не з Мінска я.
А потым пацікавіўся, ці праўда, што ў Беларусі вельмі добра жывецца пенсіянерам? Вы што, здзекваецеся, кажу, якое добра, якім пенсіянерам?! Вы што, з другой планеты?!
Я проста з другой краіны, тлумачыць ён. Дваццаць гадоў жыву ў ЗША, працую дырэктарам завода ў складзе вядомай моцнай фірмы. у Гомель прыляцеў на самалёце, еду да сваякоў у Кіеў (так намнога танней), а сваякі вельмі хваляць Лукашэнку, што на яго пенсіянеры моляцца...
Пераканаць яго было лёгка. Пару фактаў – і ён замаўчаў. Памер пенсій, заробкаў, кошты мяса, малака, кватэр яго ўзрушылі...
А яшчэ, гавару, не палянуйцеся глянуць у вакно вагона ў Чарнігаве. На перон выйдуць каля сотні чалавек. Яны, я ведаю, прыехалі ў другую краіну пагаварыць, параіцца...Бо ў сваёй краіне ім для гэтага не знайсці памяўкання.
Мо яны злачынцы, тэрарысты? Мо ў іх дзікія намеры? І яны хаваюцца ў суседняй краіне?
Вось я еду на семінар-сустрэчу з маскоўскімі блогерамі. Мне гэта цікава, і даволі дорага, толькі дарога ў Чарнігаў і назад абыйдзецца больш чым у мільён рублёў. У Мінску ніхто для гэтай мэты памяшканне не дасць, бо ў ёй прымуць удзел апазіцыйныя палітыкі.
Правадніца нашага вагона, перш чым выпусціць нас, пыталася, чаму гэта столькі пасажыраў выходзіць у Чарнігаве, многія гавораць па-беларускі, гэта мо манёўры нейкія?
І тут думка пра манёўры, як пра ваенную аперацыю... а людзі едуць усяго толькі пагаварыць...

Дзядзька з Амерыкі махаў мне рукой і прыязна ўсміхаўся.
  • Leave a comment
  • Add to Memories
чорна-белы здымак
Цяжка ўтрымацца ад горкіх усмешак. Слухаю белрадыё і чую: у міліцэйскай акадэміі нейкі конкурс красамоўства. Няўжо так будуць і шпарыць мацюкамі, як у жыцці, па меншай мерцы, іх старэйшыя калегі робяць, а потым сведчаць, як нібыта апазіцыянеры лаюцца?
А ў навучальнай установе, якую ўзначальвае гэбэшнік Князеў і сын Козіка, аж алімпіяда па веданню заканадаўства. Няхай бы адразу на мікашэвіцкі Граніт замежных гасцей свазілі, варта паглядзець, як выконваецца на практыцы канстытутыцыйнае права на арганізацыю суполак.
  • Leave a comment
  • Add to Memories

БАЖУ ЖЫЦЬ!

чорна-белы здымак
Вітаю Аляксандра Тамковіча, які далікатна, але дакладна выказаўся пра Беларускую асацыяцыю журналістаў. Хто захоча знайсці яго меркаванні, той знойдзе.
Гэта цудоўна, што такая арганізацыя ёсць. Гэта подзвіг Жаны Ліцвіной, якая здолела доўгія, цяжкія гады быць у лідэрах. Заканамерна і тое, што БАЖ хварэе. на немагчымасць ратацыі кіраўнікоў, на бюракратызм. на няўвагу да шараговых сяброў арганізацыі. Казённы саюз журналістаў мае звычку і магчымасць віншаваць сваіх хаця б з юбілеем. Бажаўскія бюркраты маюць другі стыль: могуць патэлефанаваць і спытаць, калі вы заплаціце грошы?
На папярэдні з'езд я не пайшоў, хаця і быў дэлегатам. Бо пачуў па радыё Свабода ў інтэрвію аданаго з функцыянераў БАЖу, што альтэрнатывы Жане Ліцвіной няма і быць не можа.
Заўтра, пэўна заўтра, пачнецца чарговы з'езд. Жадаю яму поспехаў! Жадаю калегам натхнення!
Адна заўвага з нагоды прапаноў Аляксандра Тамковіча, таленавітага журналіста і літаратара. Ён гаворыць аб неабходнасці змены кіраўніцтва. Правільна! Каб новае кіраўніцтва бачыла і думала не толькі пра сваё бліжэйшае атачэнне. І не толькі тады, як трэба "пушечное мясо" для правядзення малапатрэбных семінараў.
У кіраўніцтве асацыяцыі, па-мойму, ёсць людзі, якія кіруюць усюды: у праўдзівых рухах, справядлівых партыях... Такая шматпрофільнасць не на карысць справе.
Поспехаў вам, бажаўцы!
чорна-белы здымак
СКУБІЦЕ ШЧАЎЕ, РАХМАНЫЯ БЕЛАРУСЫ!
Халодныя ночы, скручваюцца ў трубачку лісты на чаранках далікатнага вінаграду, павольна прабіваецца пер’е цыбулін. Але ж вясна! Буяе бэз усімі колерамі вясёлкі. З паэзіяй вясны змешваецца проза жыцця.
Хто ведае, ці добры ў нас сёлета ўраджай шчаўя, кіславатай травы, якая выручала беларусаў падчас галодных ліхалеццяў?
Вагон вячэрняй электрычкі на Стоўбцы гудзеў. Мажная жанчына аж збівалася на сіпенне: “Гэта ж трэба! Гэта ж трэба! Мяса! Каўбаса! А каб яны самі там паздыхалі!” Яна пералічвала нейкія кошты, штурхала мужа, які сядзеў побач і пыталася: “Чым цябе паслязаўтра карміць буду? Мяса толькі на свята!”
Гудзенне вагона аднак было ціхім, рахманым.
Здаецца ў тым (нядаўнім) патоку пустаслоўя, названага пасланнем народу і дэпутатам, нічога не гаварылася пра тое, што кошты на мяса падскочаць на 35 адсоткаў. Гаварылася пра тое, што ўсяму свету горш, чым нам. Тое было! Мусіць жа, французам стала жыць вельмі кепска, бо іх новы прэзідэнт стаў ездзіць на сціплым аўтамабілі і яшчэ нейкія захады абяцаў, каб менш траціць народных грошай.
У нас жа ўзяты курс на раскошу. Твар намесніка генеральнага дырэктара па ідэалогіі металургічнага завода ў Жлобіне Фларызяка свеціцца шчасцем (на фота ў казённай газеце). Іх хакейная каманда стала чэмпіёнам Беларусі. Пераможцаў сустракала такая колькасць людзей (у чатыры гадзіны раніцы), што, каля Лядовага палаца не было дзе і яблыку ўпасці. І генеральнаму дырэктару металургічнага прадпрыемства Савянку таксама ўручылі залаты медаль чэмпіёна.
І ні слова пра тое, а ў якую суму абыходзіцца завода тая гульня ў хакей. Мо, каб ведалі людзі, то і не спяшаліся б вельмі ў чатыры гадзіны раніцы, каб вітаць сваіх “ваўкоў са стальным характарам”, а спыталі б у генеральнага дырэктара, ці правільна ён размяркоўвае грошы.
Ніхто ж не пытае ў верхаводаў, у якую суму абыходзіцца грамадзянам наша прывіднае хакейнае шчасце, дакладней, наш хакейны сорам? Справа не ў тым, што зборная была біта амаль усімі, акрамя назарбаеўскіх лыцараў. А ў тым, што нават свайго спецыяліста не маем, каб даверыць яму кіраванне камандай і цягнем, цягнем з-за мяжы ахвотнікаў дурных грошай, бо нашы не шкадуюць іх і не лічаць.
Народныя грошы тонуць у розных пельках. Аляксандр Лукашэнка хваліцца ў тым самым пасланні, што народ яго пракорміць, апране і давязе на працу. І ніхто не ведае, апоч таго, каго апранаюць, кормяць і возяць, у якую капейчыну абыходзіцца гэта радасць. Лік рэзідэнцый-прэзідэнцый множыцца, і не чутно было, каб галоўны паказваў прыклад у эканоміі, у сціпласці. Прэзідэнт Фінляндыі, дарэчы, ляціць туды, куды спатрэбіцца, на звычайным пасажырскім альбо чартэрным рэйсе. А працягласць жыцця ў той краіне, што мела розум вылізнуць з-пад ленінскага ўплыву, павялічваецца, а піттная вада там, што можна раны прамываць…
Толькі прыблізна вядома, якая колькасць рэсурсаў праглынута сельскай гаспадаркай, таму і харчы становяцца ўсё даражэйшымі і даражэйшымі. Нас ужо кормяць байкамі пра мармуроваве мяса, пра бараніну… Хто там яшчэ ў запасе? Гусі? Індыкі? Трусы? Страусы?
Электрычка і сёння гудзець не будзе. Рахманыя беларусы любяць сядзець ціха. Яны будуць паўдня лётаць на трамваях і аўтобусах па Мінску ў пошуках касцей (названых далікатна, па замежнаму, РАГУ), фаршу, дзе ролю мяса выконваюць смакавыя хімічныя дабаўкі, кінуць у гаршок свіныя капыты, пойдуць скубсці шчаўе…
Спецыялісты і чыноўнікі заенчаць, пачнуць тыцкаць пальцамі: дурні вы, гэта ж розныя рэчы - кошты ў крамах і кошты на мяса ў тушах, няхай чэшуць патыліцу вытворцы. Хто ў нашай краіне дурні, добра вядома, дурняў робяць з нас. вытворцы патыліцу доўга часаць не будуць. Ім звычней і лягчэй залесці ў нашыя кішэні, заадно і якасць узвысіцца за кошт хімічных дасягненняў.
Бывай вяленая павяндліца, вэнджаны ў двары сцягняк і дасціпная каўбаса, што рабілася ў цябе на вачах!

САНКЦЫІ ДЖГНУЛІ!

чорна-белы здымак
САНКЦЫІ ПРАЦУЮЦЬ
Зразумела, што найбольш яркая праява іх эфектыўнасці – адчыненыя вароты астрогаў для Саннікава І Бандарэнкі. Добры велікодны падарунак для сумленных грамадзян! Як напісаў адзін мой сябра: немагчыма западозрыць Лукашэнку у любові да людзей, у спагадзе да пакутнікаў. Выхад двух вязняў з 18(?) – вынік санкцыяў.
Не варта толькі захліпвацца ад шчасця, бо ў некаторых каментарах да падзеі з’явіліся ледзь не слёзы замілавання, маўляў, якая веліч душы ў таго, хто мілуе. А якая душа ў таго, хто караў і карае супернікаў па прыдуманых падставах?
Мы рызыкуем ператварыць краіну і грамаду ў частку арцелі па гандлю людзьмі: адных выпускаем, другіх следам кідаем у цямніцы. А падлога, па якой грукаюць абцасамі каты, нават не здрыганецца.
Віншуючы са свабодай Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнку, не забудземся пра тых, хто пазбаўлены свабоды і невядома, калі яе дачакаецца.
Другая праява эфектыўнасці санкцыяў: нервовая рэакцыя казённых журналістаў. Гэта ж трэба пан Лемяшонак (галоўны рэдактар газеты РЭСПУБЛІКА і адначасова кіраўнік афіцыйнага саюза журналістаў) загаварыў, не, прама загаласіў аб неабходнасці “занять консолидированную позицию в отстаивании свободы слова”.
Пан Лемяшонак нарэшце здагадаўся, што ў краіне існуе журналісцкая супольнасць, дзейнічае АБСЕ, і урэшце рэшт, што яго панамі-гаспадарамі шчэ не зруйнавана свабода слова. Дзіва, кіраўнік прыдворнага саюза ўзгадаў пра свабоду тады, калі некаторым, найбольш адыёзным істотам, што вызначыліся ў фабрыкацыі ідэалагічных правакацый супраць апазіцыі, адмовілі ў праве перасякаць межы Еўрасаюза.
Укусіў шэршань ў мяккае месца!
Чаму забалела-зачасалася ад санкцый? Некаторым бывае сумна у краіне, дзе за ўсімі сочаць, дзе ўсіх падслухоўваюць (за сваімі сочаць не менш пільна, чым за апазіцыянерамі, каб трымаць на кароткай шворцы), а хочацца ж адпачыць шыкоўна. Дзе? У Еўропе! Не ўсё ж па азіяцкіх прасторах бадзяцца.
Позна ўзгадаў пан Лемяшонак пра журналісцкую супольнасць, яна, як ні шкада, падзелена на дзве часткі.
Вот жа не бядуе кіраўнік журналісцкага саюза, што ў нашай краіне няма ніводнага грамадска-палітычнага радыё і тэлеканала. Асмелілася даць нейкую бяскрыўдную палітычную рэкламу Аўтарадыё, і дзе яно? Мо пан Лемяшонак падкажа?
Мо пан Лемяшонак у сваім плачы хацеў бы ўзгадаць і другія факты здзекаў над свабодай слова? Маглі б пазычыць у неверагоднай колькасці.
Ім раптам захацелася дыялогу, “в ходе которого мы можем выяснить важные, в том числе и в данном конкретном вопросе, моменты”. З кім і аб чым весці дыялог? Як выпускаць за мяжу пракопавых і міхальчанкаў?
Іх аберагаць трэба ад выездаў туды, дзе ёсць-такі свабода слова, бо яшчэ лопнуць ад злосці.
Усё даўно высветлена, увесь свет ведае, што ў Беларусі няма свабоды слова, ёсць нейкі пачварны эрзац. І галоўны козыр рэжыму: “В газетном киоске президентской администрации продается «Народная воля»!
Бязмежная свабода!
Але ж раз загаласіла іхняе начальства, то перад пачаткам уяўнага дыялогу няхай прачытаюць матэрыялы аб уціску на дэмакратычны друк. Мо яны не здагадваюцца аб пачварнасці ўлады, хацяі самі лічацца ў яе прыслужніках?
А ўвогуле інтэрвію Лемяшонка – поўная беліберда. Чытаеш і разумееш, што дарэмна губляеш час. І я купіўся…