?

Log in

mikalaj_achyzha's Journal

Social capital

  • less than 10
Name:
mikalaj_achyzha
Birthdate:
14 January
Location:
External Services:
  • mikalaj_achyzha@livejournal.com
Дзяцінства: найперш усё-ткі праца. Недзе ў пятым класе едзем на падводзе з бацькам за сенам. Едзем далёка, ёсць час паўтарыць вывучаныя ў школе нямецкія словы. Добра, кажа бацька, табе трэба стаць перакладчыкам, альбо доктарам, будзеш мець справу і ў вайну (бацька іх перажыў некалькі), і ў будні.
Пасвіў свіней, гусянят, збіраў яйкі на гарышчы хлява, праганяў у статак і сустракаў вечарам карову. Цацкамі былі і рыдлёўка, і тапор, і гэблік, і малаток.
Вучыўся з ахвотай, у першы клас прынялі ў парушэнне правіл з шасці гадоў.Шмат чытаў. Усё падрад. Бацька занепакоены хадзіў у школу, занадта тоўстую кніжку сын чытае (пра Швейка), ці не шкодна?
Жылі без тэлевізара, вакуум запаўняла радыё, любімая перадача “Тэатр каля мікрафона”.
Аўтамеханічны тэхнікум – здзек з беларускіх падлеткаў. Вынішчаць усё беларускае (найперш, мову) дапамагалі мінскія равеснікі, іх ужо “ачалавечылі”.
Праца на МАЗе і МТЗ. Цікава, праўда выкладчык (па прозвішчу Празднікаў) апавядаў, што на заводах Рэно ў Францыі такога ламачча, як у нас на МАЗе і МТЗ, няма. Не верылася…
Памятаю многіх рабочых з былога аўтапрычэпнага цэху МАЗа, першага, чацвёртага механічных цэхаў, шостага механічнага корпуса МТЗ.
Армія знішчыла міф аб непераможнай і легендарнай. Авіяцыя – процьма катастроф, аднойчы былі спыненымі на два тыдні любыя палёты, акрамя дзяжурных знішчальнікаў, -- разбіраліся ў прычынах.
У лётчыкаў у Арцызкім гарнізоне існавала традыцыя (ды ці хіба толькі там?!): выпіваць памінальную чару ў дату гібелі калег. Такія застоллі былі вельмі частымі, палітработнікі, што імчаліся ў Арцыз з Адэсы, адмяніць іх не маглі. Адно цешыла: многія пілоты былі асамі. Камандзір палка Усенка здолеў пасля падзення аварыйнага зніжэння, фактычна, падзення (з 12 км вышыні да 2-х) знішчальніка СУ-15, запусціць рухавік і ўдала прызямліцца.
Кіеўскай арміяй супрацьпаветранай абароны камандаваў тройчы Герой Пакрышкін. Аднойчы ён наведаў нашу частку, вітаўся з усімі за руку, нават з салдатамі. Камандуючы родам супрацьпаветраных войск Баціцкі прыязджаў у Адэсу. Той візіт запомніўся анекдотам: высокага госця вазілі па гораду ў “козліку”, з якога знімалі брызентавы верх. У “Волгу” глаўкам забрацца мог бы, але з цяжкасцю, а “Чайкі” ў Адэсе не было
Афіцэры-лётчыкі з салдатамі-механікамі абыходзіліся без загадаў. Калі нечым ім дапамагалі, напрыклад, зацягнуць набытую ў краме шафу на пяты паверх, то спачатку ў кватэры ішла рэпетыцыя вячэры, а потым працягвалі яе ў мясцовым рэстаранчыку. Салдата-памочніка падвозілі на аўто да казармы з наказам ісці і спаць да раніцы.
Армія пазнаёміла з палкоўнікам Аруцюнянцам (жывым героям рамана “Маладая гвардыя” Фадзеева). Пра тую “краснадонскую Маладую гвардыю” Аруцюнянц нічога не расказваў, але ахвотна крытыкаваў асваенне цалінных зямель.
Ён прыязджаў да нас на стажыроўку з маскоўскай ваенна-палітычнай акадэміі. У сваю чаргу палкоўнік пазнаёміў мяне са сваім сынам, студэнтам інстытута міжнародных зносін. І бацька, і сын угаворвалі мяне паступаць туды ж сама. Зь дывізыі мне аднаму далі рэкамендацыю, але ў Маскве ведалі, як адшываць рабоча-сялянскіх сыноў. З пошты прыйшла даведка, што мой пакет з дакументамі спазніўся, хаця выслалі яго па ваенных каналах за сорак дзён.
І відаць у гэтым было маё шчасце. Адзін мой сваяк (генеральскі сын) скончыў гэтае ВНУ і палову жыцця прасядзеў у будынках амбасад Уругва, Парагвая і г.д.
Вучоба ў БДУ атрымалася нядоўгай, журналістыцы там маглі вучыць хіба што двое-трое чалавек. Але там атрыманы арыентыры, што варта чытаць, а што не і дзе шукаць тое, што варта прачытаць.
У гэтым мне памагала і жонка Тацяна, мы знайшліся ў БДУ.
Праца у друку (“Трактар” – шматтыражка МТЗ і “Сельская газета” – орган ЦК КПБ) – імітацыя журналістыкі. Праўда у “Сельской газете” перавярнулася гэтулькі моцных кадраў, якіх бы хапіла б не на адну рэдакцыю. Адно імя – Святлана Алексіевіч – карэспандэнт аддзела пошты, выклікае асаблівую павагу. Яе талент заўважаўся і тады. І смеласць была . Маша Вайцяшонак з той жа пасадай. Анатоль Казловіч – літаратар Божай міласцю. Іосіф Сярэдзіч – рэактыўны Юзік працаваў карэспандентам аддзела жывёлагадоўлі.
І толькі з перабудовай нешта пачало мяняцца. Для мяне сапраўдная праца пачалася з таго, калі “Сельская газета” пачала змяшчаць эксклюзіўныя справаздачы з сесій Вярхоўнага Савета 11 склікання. Ужо там было што паслухаць і на каго паглядзець. Касманаўт Кавалёнак даводзіў спікера, пісьменніка Навуменку да нервовыз зрываў. “Калі вы лётчык-касаманўт, -- крычаў спікер, -- то ляціце на маё месца і кіруйце паседжаннем!” Быў прыняты ладны Закон аб мовах…
Удзел у выбарах скончыўся частковым поспехам. Нас было 10 ці 11 кандыдатаў, і ўсім хацелася не пусціць наверх першага сакратара райкама КПБ Мяцельскага (Чэрвень). Дарогу ў дэпутаты яму перагарадзілі. Стала удзельнічаць у выбарчай кампаніі я не змог: перашкодзіла хвароба і смерць маці Кацярыны Адамаўны. Дажыла яна да 83 гадоў і спачывае на могілках вёскі Ачыжа.
Журналісцкі подзвіг Іосіфа Сярэдзіча яшчэ не ацэнены: з’яўленне “Народнай газеты” – на 95 адсоткаў ягоная заслуга.
Газета здолела пражыць у варыянце вартым увагі да сакавіка 1996 года, потым ператварылася ў лісток.
У гэтай газеце я пабыў і парламенцкім аглядальнікам, і галоўным рэдактарам. Падрабязнасці гэтай эпапеі заслугоўваюць асобнай размовы…
Потым быў указ самага вялікага указчыка, тулянне, беспрацоўе…
Шчаслівыя абставіны прыбілі мой човен да чалавека, імя якого Аляксандр Бухвостаў. З яго дапамогай і удзелам пачалі выпускаць газету “Рабочая салідарнасць”. Нармальную газету, таму яе і зачынілі цэрберы.

Social capital

  • less than 10

Statistics