?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Калі-нікалі выпадаюць хвіліны непадробнага шчасця. Учарашні дзень з гэтага шэрагу. Тры тыдні таму ў незвычайным месцы, нечакана ўсплыло знаёмства з добрым чалавекам, з сынам паважанага мною калегі, якога не бачыў больш за трыццаць гадоў. Знаёмства магло і завершыцца мімалётнай размовай, але (тут і пачынаецца шчасце) сын самастойна вырашыў звязаць мяне са сваім бацькам. І аперацыя ўдалася.
Учора вечарам на вакзале сустракаем падарожніка (са Старых Дарог). Чалавек сталага веку (без стомленасці) кажа, што не пазнаў бы мяне на вуліцы. Адказваю тым жа… Яшчэ не падыйшла машына, а мы сходу пачынаем узгадваць мінулае… Слава Дашкевіч працаваў адказным сакратаром раёнкі. І выдзяляўся там, без сумневу, прафесійнасцю, уменнем быць у баку ад абавязковай партыйнай дэмагогіі, таварыскасцю, камунікабельнасцю… У час маіх камандзіровак ад “Сельскай газеты” мы неаднойчы сустракаліся ў Горках. Потым не адзін раз бачыліся ў мінскім Доме друку. Частаваліся. Часцей у кавярні, на рагу праспекта і вуліцы Хмяльніцкага, якую звалі “Тэлевізарам”. Там заўсёды былі яешня з беконам, каньяк (для меўшых ганарар) і чарніла (для тых, хто не паспеў ускочыць у ганарарны трамвай). Аднакурснікі-сябры Славы былі і маімі сябрамі, хаця розніца ва ўзросце была прыкметнай, яна не замінала.
Слава – увогуле кандыдат у героі кнігі, калі б нехта ўзяўся яе стварыць, пра легенд беларускай журналістыкі. Легенды, на мой погляд, гэта не зоркі (тым больш цяперашнія “зоркі” на тэлебачанні – усяго толькі, як казаў адзін чалавек, “шпона ад журналістыкі”. Шпона – нешта падобнае на лушпайкі). Легенды ў журналістыцы – гэта тыя, хто імкнуўся рабіць сваю справу неардынарна, нёс крыж сваёй любові да прафесіі, зацята, падстаўляючы галаву і спіну для крытыкі і нападаў ад начальства.
Гады тры Слава летам ішоў памочнікам камбайнёра да славутага механізатара Галухіна (у наступным – Героя працы). Хаця ў тым экіпажы для мяне больш славутым быў Слава. Яны першымі (не ведаю, у раёне ці вобласці) на камбайне “Ніва” намалацілі тысячу тон збожжа. Тады гэта называлі працоўным подзвігам. У партыйных кабінетах зашамацелі паперкамі на афармленне ўзнагароды. Дайшлі яны да сакратара абкама па ідэалогіі. Тая пытае, а хто такі Дашкевіч? Служкі адказваюць: работнік друкарні. А-а-а, абыйдзецца і без узнагароды….
А потым было, як у песні: “Мой друг уехал в Магадан, сніміте шляпу”. Не кожны з нас, пры любых абставінах, вырашыў бы паімчацца на край свету ў пошуках працы… І працаваць там даволі доўга, маючы больш драмы штодня, чым уцехі.
Аб чым можна перагаварыць за адзін вечар? Так, пра тое-сёе… Слава і там, выбіваўся з шэрага шэрагу… Пасылаў у “Правду” (хто жыў тады, той ведае, што за монстр – газета “Правда!) лісты. Ушчуваў маскоўскіх журналістаў, маўляў, якія прыклады вы нам паказваеце. Друкуеце фота амерыканца з венікам, які падмятае тратуар перад будынкам банку, і пішаце, а ў гэтага чалавека няма рахунку ў банку; змяшчаеце фота жыхара Нью-Ёрку, які рыецца ў сметніцы, і пішаце: вось яна, Амерыка! А што, пытаў Слава ў маскоўскіх “праўдзістаў”, нашы дворнікі маюць рахункі ў банках, а нашы грамадзяне не рыюцца на звалках?!
І самае прыемнае (я то і не чакаў гэтага, думаў, мы знойдзем нейкі прытулак па-мужчынскі сціплы), што сустрэча працягвалася ў сям’і аднаго з сыноў Славы, у Зміцера Дашкевіча, дзе гасцінная і чароўная Наста частавала свёкра і гасцей смачнымі, прыгожымі стравамі. Увесь род Дашкевічаў, ад зубра Вячаслава да сімпатычненькай Марачкі, быў перад вачыма.
С такімі людзьмі Беларусь будзе жыць.